Дызайн лімітаванай серыі гадзіннікаў «UNOVIS» з калекцыі Must Art распрацаваны студыяй GRAFIT - пераможцам конкурсу Мінскага гадзіннікавага завода і «Дызайн Пясочніца» сярод беларускіх дызайнераў. Таксама ў праекце прыняў удзел А1 (кампанія падтрымлівае мерапрыемствы прымеркаваныя да 100-годдзя аб'яднання Уновіс (#UNOVIS100)).
Лімітаваная серыя «UNOVIS» створана ў стылі супрэматызму. Цыферблат і стрэлкі складаюць кампазіцыю з рознакаляровых геаметрычных формаў. Кожны элемент знаходзіцца ў пастаянным руху і дае кампазіцыі магчымасць пастаянна мяняцца на працягу дня, паўтараючыся толькі два разы на суткі.
Гадзіннік прысвечаны 100-годдзю авангарднага мастацкага аб'яднання УНОВІС (Сцвярджальнікі новага мастацтва), створанага Казімірам Малевічам у Віцебску ў 1920 годзе. Корпус гадзінніка з латуні пакрыты устойлівым да драпін ды ізносу хромам. Рамень сіліконавы з механізмам хуткага здыму і рыфленнем з унутранага боку. За працу гадзінніка адказвае механізм 1801.1 на 15 рубінавых камянях з супрацьударнай прыладай восі балансу.
У калекцыі 3 мадэлі па 250 штук кожнай.
Must Art - гэта калекцыя, у рамках якой «Луч» выпускае лімітаваныя мадэлі гадзіннікаў у супрацоўніцтве з сучаснымі беларускімі дзеячамі мастацтва/дызайнерамі.